Любоў МАЗАЛЕЎСКАЯ

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.
гал. рэжысёр (1955-1961, 1963-1964)
Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (1926)

Беларуская артыстка, тэатральны рэжысёр, педагог.

Вучылася ў Скідзельскім вучылішчы і Гродзенскай прыватнай гімназіі. У 1920 г., падчас польска-савецкай вайны, з адступаючай Чырвонай арміяй з'ехала на ўсход. Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (1926), працавала ў Тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск) і Тэатры імя Янкі Купалы (Мінск), на кінастудыі, выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар (1955-1961) і галоўны рэжысёр (1963-1964) Беларускага рэспублiканскага тэатра юнага гледача. Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18.7.1964 г. 

З 1992 г. прысуджаецца тэатральная прэмія імя Л. Мазалеўскай. 

25.1.2003 г. у паштовае абарачэнне ўведзена паштовая картка з арыгінальнай маркай, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Л.Мазалеўскай.

Важная роля ў станаўленні тэатра належала Л. Мазалеўскай, яна імкнулася стварыць калектыў аднадумцаў, карпатліва выхоўвала маладых акцёраў. У тэатры панавала атмасфера творчасці, захопленасці працай, адданасці мастацтву. Клопат Л. Мазалеўскай творча падзяляў дырэктар тэатра У. Стэльмах: кіраўнікі разам вызначылі асноўныя пастановачныя і педагагічныя прынцыпы тэатра. Яны імкнуліся зрабіць тэатр удзельнікам духоўнага жыцця моладзі рэспублікі, а таксама заявіць пра яго існаванне: са спецыяльна падрыхтаванай канцэртнай праграмай і ўрыўкамі са спектакляў. Калектыў выязджаў на цаліну ў Казахстан (у 1956 і 1959), на гастролі ў Ленінград, Кіеў, Рыгу і інш. Была наладжана пастаянная сувязь са школамі Мінска (выступленні акцёраў у школах, наведванне тэатра настаўнікамі і дырэктарамі школ, стварэнне дзіцячага актыву ў тэатры і г. д.), яе ажыццяўляла педагагічная частка.

Вялікая заслуга Л. Мазалеўскай у стварэнні беларускага нацыянальнага рэпертуару. Яна наладзіла супрацоўніцтва тэатра з літаратарамі-пачаткоўцамі. Ужо ў 1957 пастаўлена п'еса віцебскага настаўніка Я. Пасава «Аркадзь Жыгалкін», у якой востра ўзнімаліся праблемы выхавання падлеткаў. Затым былі пастаўлены першыя п'есы А. Гутковіча і У. Хазанскага «Юныя мсціўцы», I. Шамякіна «Не верце цішыні», Ю. Багушэвіча і В. Зуба «Сябры», А. Вольскага і П. Макаля «За лясамі дрымучымі», пазней — М. Гамолкі «Бітва ў космасе», У. Мехава «Чырвоны губернатар», А. Махнача «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці», Я. Шабана «Сіні снег», А. Дударава «Выбар».
Асаблівае месца сярод іх заняла п'еса I. Козела «Папараць-кветка» (1957). Яна створана ў непасрэдным супрацоўніцтве з Л. Мазалеўскай. Спектакль, вырашаны як народная легенда, з выкарыстаннем абрадавых сцэн, народных песень, танцаў, стаў этапным у творчасці тэатра, прадэманстраваў патэнцыял маладога калектыву.

Яркай нацыянальнай своеасаблівасцю адрознівалася і іншая п'еса І. Козела ў пастаноўцы Л. Мазалеўскай «Над хвалямі Серабранкі» (1961 г.), якая падагульняла вынікі пяцігадовай працы тэатра і карысталася заслужаным поспехам у гледачоў.

Першы перыяд быў найболын плённым і стабільным у жыцці тэатра: творчая рабочая атмасфера, збалансаваная рэпертуарная афіша, разлічаная на гледачоў розных узростаў і адначасова на мастацкі рост калектыву, імкненне да нацыянальнай адметнасці.

Са звароту Л. Мазалеўскай да маладых акцёраў тэатра (май 1956):

«У нас тэатр будучага... тое, што мы зараз іграем спектаклі, яшчэ не тэатр. Мы павінны яшчэ стварыць яго... Ад нас залежыць, якое творчае аблічча будзе мець наш тэатр.

Мы ствараем традыцыі, атмасферу, увесь уклад нашага творчага жыцця ў нашым тэатры.

Што ёсць у нас каштоўнае? — Маладосць. Але маладосць — гэта не пашпартны ўзрост,а гарэнне, страснасць і нястомнасць у рабоце...

Для сапраўднага ТЮГаўца работа тэатра павінна быць самым галоўным у яго жыцці... Справа стварэння тэатра — гэта не толькі справа дырэкцыі і галоўнага рэжысёра, а ўсяго калектыву...

Моладзь! Будзьце маладымі.

Будзьце сапраўднымі ТЮГаўцамі!»

Асобы тэатра