Ларыса Горцава

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь
Артыстка
Артыстка тэатра i кiно
У Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача з 1963 года

З аднолькавай лёгкасцю іграе ролі камічныя (Адэля ў "Беларускіх вадэвілях") і драматычныя (Нанда – "Крыху пяшчоты"), ва ўсіх жанрах працуе трапна і запамінальна.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (з 1997 г.), вядучы майстар сцэны Ларыса Мікалаеўна Горцава працуе ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача з 1963 года.

Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

Сыграла каля ста дваццаці роляў, многія з якіх сталі дасягненнем беларускага сцэнічнага мастацтва і высока адзначаны крытыкай, тэатральнай грамадскасцю, гледачамі.

Сярод лепшых роляў – Маша (”Чайка“ А.Чэхава), Наташа і Нэлька (”Горад на досвітку“ і "”Жорсткія гульні“, абедзьве п’есы А.Арбузава), Любоў Шаўцова (”Маладая гвардыя“ А.Алексіна паводле А.Фадзеева), Ніла Сніжко (”Барабаншчыца“ А.Салынскага), Марыя (”Дванаццатая ноч“ У.Шэкспіра), Наташа (”У спадчыну – жыццё“ А.Петрашкевіча), Лізавета (”Залаты медаль“ І.Шамякіна), Ліса (”Казачны домік“ М.Стэгліка), Графіня Вішня (”Прыгоды Чыпаліна“ С.Багамазава і С.Коласавай паводле Дж.Радары), Доля (”Песня пра Зубра“ А.Дударава паводле М.Гусоўскага), Пампея (”Зялёная птушка“ К.Гоцы), Аніта (”Вестсайдская гісторыя“ Э.Лемана паводле А.Лоўрэнс), Котка (”Кошчын дом“ С.Маршака), лэдзі Лорыдэйл (”Маленькі лорд Фаўнтлярой“ Н.Воранава паводле Ф.Бернэт), Каралева (”Сястра мая, Русалачка“ Л.Разумоўскай), Смерць (”Пацалунак ночы“ С.Кавалёва), спадарыня Журдэн (”Мешчанін у шляхецтве“ Ж.Б.Мальера).  

Артыстка шырокага разнапланавага дыяпазону, якой уласціва непаўторнае спалучэнне музычнага і пластычнага талентаў. Вызначаецца адметнай пластыкай, густам, высокай культурай выканання. З’яўляецца адметным настаўнікам, чый вопыт пераймаюць маладыя артысты тэатра.

Сыграла каля шасцідзесяці роляў на тэлебачанні і ў кіно.

Шмат разоў адзначалася граматамі ЦК ЛКСМБ, Вярхоўнага Савета, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дыпломамі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Цягам васемнаццаці гадоў з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі Саюза тэатральных дзеячаў Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

У бягучым рэпертуары выконвае ролі  Нанды (”Крыху пяшчоты“ А. Нікалаі), Чараўніцы (”Дзюймовачка“ Х.К.Андэрсена, п’еса Ю.Шчуцкага), Душы Ночы (”Сіняя птушка“ М.Метэрлінка), Адэлькі (”Беларускія вадэвілі“ братоў Далецкіх і М.Чарота), Галоўнай ведзьмы (”Мая маленькая чарадзейка“ О.Пройслера).

 

 

 

Спектаклi ў Тэатры юнага гледача

Сiняя Птушка (Душа Ночы)
Беларускія вадэвілі (Адэля, яго дачка)
Мая маленькая чарадзейка (Галоўная ведзьма)

Асобы тэатра